Живая память поколений

ДЗЯКУЙ ЗА МІР!

Больш за 70 гадоў мы жывём у мірнай краіне. Але ў той жа час памятаем урокі Вялікай Айчыннай, не забываем расплаўленыя камяні Брэста, попел Хатыні... У імя вечнага працягу жыцця пралівалі кроў у баях нашы дзяды і прадзеды. Яны самааддана змагаліся за наш мірны дзень, не шкадавалі свайго жыцця дзеля Перамогі. Мы памятаем усіх тых, каму абавязаны жыццём.

На жаль, у аграгарадку Прусы ўжо не засталося ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: адбіліся баявыя раны і няўмольны час. Каб не згасла памяць, мы схіляем галовы і ўшаноўваем тых, хто дзеля нас аддаў самае дарагое - сваё жыццё.

Нямымі сведкамі той страшнай вайны з'яўляюцца помнікі, абеліскі, стэлы, манументы. Яны ўвекавечваюць памяць пра абаронцаў Айчыны. Яны ж нагадваюць падрастаючаму пакаленню пра подзвігі загінуўшых у баях воінаў.

У Прусах знаходзіцца помнік загінуўшым партызанам Мемусу Паўлу Максімавічу і Бодзе Івану Васільевічу. Загінулі яны ў 1943 годзе пры выкананні баявога задання. Абеліск адноўлены ў 1963 годзе. Заменены саўгасам «Чырвоны сцяг» у 1981 годзе.

Ёсць яшчэ помнік савецкаму воіну Качэрыну Васілю Дзмітрыевічу, які загінуў у 1941 годзе. Глінападобны абеліск усталяваны на сельскіх могілках у 1963 годзе. Заменены ў 1981 годзе.

Піянеры дружыны «Дружная» нашай установы адукацыі наводзяць парадак каля помнікаў загінуўшым воінам. Восенню зграбаюць апалае лісце. Вясной падфарбоўваюць загарадкі. Зімой расчышчаюць дарожкі да магіл. І ўвесь час вядуць збор інфармацыі аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

Штогод у Дзень Перамогі мы прыходзім да могілак загінуўшых воінаў і шануем іх памяць хвілінай маўчання. Высокім пачуццям не патрэбныя гучныя словы. Трапяткія хвіліны маўчання - наша клятва загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне захоўваць і несці праз гады ўдзячную памяць пра іх... 

                                                                                  Мікалай БОДА

старшыня піянерскай дружыны імя

Героя Сацыялістычнай Працы А. І. Шубы. 

 

________________________________

БРАТЧЭНЯ

Іван Міхайлавіч

Нарадзіўся Іван Міхайлавіч 15 сакавіка 1922 года ў вёсцы Прусы ў сялянскай сям’і. У 1929 годзе пайшоў у школу, у якой правучыўся толькі да 5 класа. Ён многа хварэў, таму экзамен за 5 клас не здаў. Далей вучыцца не было магчамасці, таму пайшоў працаваць на будаўніцтва дарогі Любань-Глуск.

12 мая  1941 года Івана Міхайлавіча прызвалі ў армію. Ён трапіў служыць пражэктарыстам у 21 асобны батальён пры арудыйным палку. Тут яго і застала Вялікая Айчынная вайна. Як  успамінаў Іван Міхайлавіч, нападзенне было нечаканым нават для жыхароў чарнаморскага пабярэжжа. Пасля аб аб’яўленні вайны салдаты-саслужыўцы з занепакоенасцю абмяркоўвалі падзею. Ніхто не застаўся раўнадушным да гэтага. Гоман стаяў нават у сталовай. Адразу ж у палку пачалі ўзбройваць салдат: выдавалі ружжы, боепрыпасы.

У хуткім часе ўсе батальёны развезлі па пунктах прызначэння. Іван Міхайлавіч са сваім батальёнам апынуўся пад Кіевам, быў пражэктарыстам пад нумарам 21. Вакол стралялі зеніткі. Камандзір даваў загад, а Іван Міхайлавіч асвятляў цэлі бамбардзіровак.

Першыя тыдні, месяцы вайны былі самымі цяжкімі, таму што нападзенне было раптоўным і ў тэхніцы была перавага на баку ворага. Прыйшлося адступіць і батальёну, дзе служыў Іван Міхайлавіч. Батальён Івана Міхайлавіча адправілі праз Кубань у Наварасійск. 3 Наварасійска салдат накіравалі ў горад Баку для папаўнення. Іван Міхайлавіч расказваў, што ваенных дзеянняў там не было: у гэтай мясцовасці здабывалася нафта.

Батальён, у якім служыў Іван Міхайлавіч, быў папоўнены новымі байцамі і вернуты назад у Наварасійск. Як вядома з гісторыі, пад Наварасійскам адбываліся жорсткія баі. Нашы войскі абрушылі на ворага магутны артылерыйскі шквал. 3 паветра бомбавыя ўдары наносіла авіяцыя. Агнём сустракалі захопнікаў пехацінцы, танкісты, зенітчыкі. На полі бою гарэлі падбітыя танкі.

17 мая 1942 года Іван Міхайлавіч трапіў у палон падчас бітвы за Крым. Усіх палонных сабралі ў калону па 10 чалавек. Спачатку іх прывялі ў Сяльцы: там быў лагер пад адкрытым небам, абцягнуты дротам. Самых маладзейшых, у тым ліку і Івана Міхайлавіча, адправілі ў Фінляндыю, а потым - у Нарвегію. Цяжкім было становішча палонных. На абед давалі суп - баланду і 200 грамаў хлеба. Прыходзілася выконваць розныя работы: чысціць снег, цягаць лес. Палонныя з сумам успаміналі сваю Радзіму, родную вёску, блізкіх і дарагіх сэрцу людзей. Яны марылі аб тым, што ўсе родныя жывыя, што хутка адбудзецца сустрэча. Менавіта гэта і надавала сілы ў цяжкія хвіліны.

8 мая 1945 года Іван Міхайлавіч разам з іншымі ваеннапалоннымі быў вызвалены англійскімі войскамі. Доўга не верылася, што ўсе жахі ўжо скончыліся.

У 1945 годзе Івана Міхайлавіча прывезлі ў Мінск праз Фінляндыю, потым у Маскву. Прайшоў ён праверку ў асобым аддзеле. I толькі пасля гэтага яго накіравалі ў ваенную часць даслужваць,бо па гадах яшчэ быў малады.

У пачатку 1946 года з воінскай часці адабралі 20 чалавек, у тым ліку і Івана Міхайлавіча, прывезлі з Масквы у горад Горкі на завод “Чырвонае Сормава”, дзе выпускалі танкі.

Праз усю вайну баец пранёс мару вярнуцца дадому, сустрэць сваіх родных жывымі і здаровымі. I таму ў 1946 годзе Іван Міхайлавіч падаў заяву начальніку, каб яго адпусцілі на радзіму. 20 жніўня 1946 года ён прыехаў у сваю родную вёску. Ад радасці замірала сэрца. Дома ўсе былі жывыя: сястра, два браты, бацька і маці.

Іван Міхайлавіч працаваў у калгасе, потым у Палажэвіцкай МТС, пасля зноў вярнуўся ў калгас. Увесь астатні час да пенсіі Іван Міхайлавіч працаваў трактарыстам. У 1982 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак, але яшчэ некалькі год быў малаказборшчыкам.

У 2017 годзе яму магло б споўніцца 85 гадоў. За свае ваенныя заслугі Іван Міхайлавіч узнагароджаны медалямі “Георгій Жукаў”, “70 гадоў Узброенных Сіл СССР”, “50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, “60 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.” і ордэнамі “Айчынная вайна”, “Ветэран вайны 1941-1945 гг.”.

 

_________________________

МАЛАШУК

Іван Дзмітрыевіч

Ордэнам Айчыннай вайны, медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна” і другімі ўзнагароджаны былы партызан І.Д. Малашук.

Іван Дзмітрыевіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Прусы. Вайна напаткала яго ў дзяцінстве. Усе  дарослыя мужчыны пайшлі на фронт, а жанчынам і дзецям давялося клапаціцца аб калгаснай гаспадарцы. Іван даглядаў маладога коніка. Менавіта той жа жарэбчык і прадвызначыў далейшы лёс хлопца.

Калі ў вёску прыйшлі немцы, то ў Івана прыбавілася работы. Яны застаўлялі хлопца то ў лес па дровы з’ездзіць, то ў суседнюю вёску за харчаваннем. Усюды ён быў, шмат чаго бачыў. Гэта яго становішча выкарысталі партызаны: Іван стаў сувязным у партызанскім атрадзе, які  ўзначальваў А.І. Шуба. Шмат разоў ноччу перавозіў на коніку партызан, часта перадаваў лістоўкі ад іх, расказваў апошія навіны Інфармбюро, нават тыднямі не бываў дома. А калі немцы пачалі збіраць маладых і здаровых людзей на прымусовыя работы ў Германію, Івану наогул давялося пайсці ў лес.

Але нядоўга ён партызаніў: трапіў у палон. Нехта з аднавяскоўцаў прывёў нямецкі атрад на месца стаянкі партызан. Многа хто ў тым баі загінуў… Спачатку Івана завезлі ў вёску Даколь Глускага раёна, дзе базіраваўся нямецкі гарнізон, затым ў бабруйскую турму, дзе пасялілі 50 чалавек у звычайную хату. Днём палонныя будавалі дарогу, ўначы спалі стоячы, абапіраючыся адзін на аднаго. Гэта працягвалася каля шасці месяцаў.

Потым зноў сталі адбіраць людзей для вывазу ў Германію. Іван апыніўся ў іх ліку. Калі палонных пачалі садзіць у цягнік, хлопец, скарыстаўшыся мітуснёю, нырнуў пад вагон і пабег. На гэты раз яму  не пашанцавала. Праз два кіламетры яго злавілі. Пасля гэтага Івана адправілі ў лагер “Азарычы”. У хуткім часе нашы самалёты пачалі бамбіць лагер, шмат палонных збегла. Іван не паспеў. Усіх, хто застаўся, сабралі і павялі ў лес. Аховы было няшмат, і Іван са сваімі сябрамі (у лагеры было шмат аднавяскоўцаў) змог уцячы. Доўга блукалі яны па незнаёмых мясцінах, пакуль не напаткалі мясцовых партызан. Яны накіравалі Івана ў райваенкамат, адтуль у горад Кіраў Смаленскай вобласці, у запасны полк, дзе засвоіў навыкі кулямётчыка. Затым хлопец трапіў на фронт. Спачатку Іван быў сувязістам у штабе батальёна. Але ваяваў нядоўга. Хутка яго батальён папаў пад артналёт. Хлопец быў паранены і кантужаны. “Калі пачалася бамбёжка, я ўпаў і прыціснуўся да зямлі, - успамінаў Іван Дзмітрыевіч. - Вакол узрываліся бомбы, але мяне не чапляла. А потым раптам усё сціхла. Як потым расказваў таварыш, які мяне выратаваў, пасля бамбёжкі ён, сувязны паміж штабам і палявымі камандзірамі, спяшаўся на заданні. Ідзе і бачыць, што зямля шавеліцца. Пачаў яе разграбаць і знайшоў мяне ляжачага без прытомнасці. Калі б ні Кулявец Косця з вёскі Рухава, застаўся я б там ляжаць…”

Два тыдні Іван нічога не чуў, не мог і слова сказаць. Але ўсё выжыў і пайшоў далей. 9 мая 1945 года сустрэў на Эльбе. Але да хаты вярнуўся толькі ў красавіку 1947 года.

Калі прыйшоў з вайны, уладкаваўся на працу ў саўгас, ажаніуся. За добрасумленную працу ўнагароджаны медалём “Ветэран працы”. Іван Дзмітрыевіч выгадаваў двух сыноў, быў клапатлівым дзядулей для васьмі ўнукаў.